На ёй абмяркоўваліся прычыны адрознянняў падыходаў да адзначэння сканчэння Другой сусветнай вайны ў краінах Еўропы і СССР (а цяпер і ў Беларусі), а таксама гаворка ішла пра маніпуляцыі ўлады пачуццямі сваіх грамадзян, для якіх гэта дата мае важнае значэнне.
Мерапрыемства было арганізавана ў супрацы публічнай установы «Формула чалавечнасці» і Цэнтрам даследвання генацыду і супраціву жыхароў Літвы і Беларускім інстытутам публічнай гісторыі.
Адбылося 8.05.2024 г. у мемарыяльным комплексе парка Тускуленай у Вільні.
У панэльнай дыскусіі Аляксандр Цярэшчанка, ветэран расейска-украінскай вайны, распавеў, як ён глядзіць на свята 9 траўня вачыма нашага сучасніка. Нарадзіўшыся ў СССР, ен атрымаў выхаванне ў наратыве савецкай ідэалогіі, якая ў большай ступені абапіралася на ёй жа створаную афіцыйную версію перамогі ў «Вялікай Айчыннай вайне». Пасля на ўласным досведзе яму давялося адчуць, што такое вайна.
Удзел, у якасці спікераў, таксама бралі эксперты ў галіне гісторыі і сацыялогіі:
Др. Крысціна Янэке – Доктарка гістарычных навук, дацэнтка, супрацоўніца Цэнтра ваеннай гісторыі і сацыяльных навук Бундэсвера https://kristianejaneke.de/ru/ (анлайн);
Павел Церашковіч – кандыдат гістарычных навук, дацэнт, гісторык-антраполаг, сябра Беларускага інстытуту публічнай гісторыі;
Аляксей Ластоўскі – кандыдат сацыялагічных навук, акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту публічнай гісторыі;
Ігар Казмерчак – гісторык, краявед Аршанскага раёна, папулярызатар гісторыі. У 2022 г. пасля паўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Ўкраіну 42 дні правеў у блакадзе ў г. Чарнігаве.
Якую памяць мы захоўваем пра Другую сусветную вайну?
Як цягам часу змянялася разуменне падзей 8-9 траўня ў грамадствах Заходняй і Ўсходняй Германіі, а таксама ў краінах былога СССР? Ці можна гаварыць пра святкаванне падзеі коштам многіх мільёнаў чалавечых жыццяў?
Майстэрства мадэратара культуролага Максіма Жбанкова спрыяла абмеркаванню гэтых і шмат якіх іншых пытанняў. Асаблівую ўвагу атрымаў таксама той факт, што ў апошнія гады ў Беларусі, відавочна, ссоўваецца акцэнт з 9 траўня на 3 ліпеня. Ці ёсць у гэтым нейкая стратэгія?
Магчыма, справа ў тым, што кіраўнік беларускага рэжыму вымушаны ехаць святкаваць Дзень перамогі ў Расею? А можа беларускія ўлады спрабуюць перанесці свята і такім чынам стварыць ілюзію меншай залежнасці ад Расеі?
Навошта беларуская ўлада робіць інструмент з усенароднага свята і навошта савецкая ўлада так рабіла?
Удзельнікі распавялі пра сваю сямейную памяць, дзіцячае успрыняцце свята Перамогі і недавер савецкай прапагндзе, якая скажала гісторыю ў сваіх інтарэсах і маніпулявала пачуццямі людзей.
Пытанне пра даты другаснае. У 2025 годзе будзе 80 гадоў са дня сканчэня Другой сусветнай вайны. Даўно пара выкрыць прапагандысцкія маніпуляцыі гістарычнымі фактамі і спыніць абясцэньванне ролю краін – саюзніц у перамозе над германскім нацызмам.
