ШТО МЫ РОБІМ

“Формула чалавечнасці” – гэта праект невялікай каманды. Наша місія – садзейнічаць прымірэнню і аб’яднанню супольнасцяў пасля канфліктаў праз узаемадзеянне з носьбітамі розных культур памяці.

Мы выступаем супраць гвалту, радыкалізму і дыскрымінацыі, супраць маніпуляцый гістарычнай памяццю і інструменталізацыі гісторыі.

ЯК МЫ ГЭТА РОБІМ

Мы арганізуем тэматычныя дыскусіі, ствараем выставы і медыя кантэнт на гістарычныя тэмы, даследуем сацыяльны клімат у розных групах беларускага грамадства.

ЧАМУ МЫ ГЭТА РОБІМ

У Беларусі мы падтрымлівалі людзей, якія пацярпелі ад нацыянал-сацыялізму падчас Другой сусветнай вайны ў канцлагерах, гета і іншых месцах няволі. Мы стараліся зрабіць іх жыццё больш яскравым, лёгкім і цікавым, каб гэтыя людзі адчувалі сябе патрэбнымі і важнымі. Нам хацелася зменшыць іх душэўны боль і дапамагчы абараніць права на годнасць, аднятае спачатку германскімі нацыянал-сацыялістамі, потым сталінскім рэжымам, а пазней рэжымам беларускай дзяржавы. Праца па падтрымцы канкрэтных людзей з іх асаблівымі лёсамі стала для нас працэсам пастаяннага асэнсавання гістарычных падзеяў, іх узаемасувязяў і разумення заканамернасцяў грамадскага развіцця. Мы дазнаваліся пра гісторыю праз лёсы людзей, праз іх успаміны і слёзы, праз іх незадаволенасць і папрокі, праз іх усмешкі і нават праз іх клопат пра нас.

Гэты працэс спазнання і асэнсавання спарадзіў патрэбу пазбавіцца ад заскарузласці ў нашай культуры памяці, патрэбу глядзець на гістарычныя падзеі з розных бакоў вачыма розных людзей і такім чынам дасягаць разумення ў шырокай і доўгай перспектыве. Бо гістарычныя падзеі з’яўляюцца часткай жыцця не толькі людзей, якія сталі іх сведкамі і ўдзельнікамі. Яны закладваюць аснову жыцця наступных пакаленняў, уплываюць на яе развіццё. Нажаль, гэтае разуменне рэдка прыходзіць сваечасова.

НАВОШТА ГЭТА ТРЭБА

Наша сучаснасць з’яўляецца вынікам падзеяў мінулага і перадумовай падзеяў будучых. У гістарычнай перспектыве нашу сучаснасць больш слушна вымяраць пакаленнямі, чым гадамі і нават дзесяцігоддзямі. Немагчыма ствараць паспяховую будучыню, абапіраючыся толькі на “кароткую” сучаснасць. У гэтым працэсе неабходна ўлічваць карані і заканамернасці сацыяльных пераўтварэнняў, аналізаваць механізмы, якія прыводзяць да тых ці іншых грамадскіх наступстваў.

У Беларусі мы стваралі магчымасці для сумеснай прапрацоўкі не толькі таго, ШТО менавіта мы памятаем, але і ЯК мы памятаем. Наша каманда мае досвед арганізацыі дыскусіяў, воркшопаў, і канферэнцыяў на тэмы, звязаныя з культурай памяці. Мы эксперыментавалі з фарматамі івэнтаў такім чынам, каб на нашых пляцоўках усе ўдзельнікі мелі голас, каб былі прадстаўлены розныя меркаванні, каб яны ўзаемадзейнічалі адкрыта і свабодна, незалежна ад узросту ці прыналежнасці да тых ці іншых сацыяльных суполак.

Нажаль, мы не паспелі столькі, колькі хацелася б. Нашы імкненні ўвесь час сутыкаліся з беларускай рэчаіснасцю з яе рызыкамі і абмежаваннямі, з недахопам рэсурсаў і ўласных кампетэнцыяў. Мы надта доўга захоўвалі ілюзію, што гісторыяй і развіццём культуры памяці мусяць займацца спецыялісты.

2020 год перакуліў жыццё беларусаў і нагадаў, што нічога ў нашым мінулым не адбываецца без наступстваў. Нельга крытыкаваць адзін дыктатарскі рэжым і рабіць выгляд, што іншых такіх не існуе. Мы засяродзіліся на крытыцы нацыянал-сацыялізму, але дазволілі сабе забыцца, што, не выкрываючы сталінскі рэжым, мы фактычна надаем яму нармальнасць. Гэтая “нармальнасць” дагнала нас і прымусіла адказваць за зручнае маўчанне і жаданне заставацца “па-за палітыкай”, наіўна мяркуючы, што так бывае.

Сёння наша грамадства перажывае цяжкія траўмы, напластоўваючы іх адну на другую, і ў вельмі цяжкіх умовах вучыцца сталець. Не паспяваючы вырашаць маленькія і вялікія канфлікты, мы назапашваем іх, нібы нанізваем пацеркі на нітку.

Наша каманда імкнецца да таго, каб у гэтым цяжкім траўматычным працэсе мы знайшлі ў сабе сілы пераасэнсаваць, ШТО і ЧАМУ адбывалася з намі хаця б за апошнія сто гадоў, зразумець, ЯКІМІ і ЯК мы хочам і можам выйсці з гэтага выпрабавання, і разам знайсці правільныя. рашэнні.

Scroll to Top